The Dark Side of the Moon | |
---|---|
музычны альбом Pink Floyd | |
Дата выпуску | 1 сакавіка 1973[1] |
Жанр | прагрэсіўны рок |
Працягласць | 2 579 с |
|
|
«The Dark Side of the Moon» (бел.: Цёмны бок Месяца) ― восьмы студыйны альбом брытанскага рок-гурта «Pink Floyd», выпушчаны 24 сакавіка 1973 года. Самы паспяховы альбом гурта, які ператварыў «Pink Floyd» у з’яву сусветнага маштабу. Адзін з самых прадаваных альбомаў у гісторыі гуказапісу ― агульная колькасць прададзеных экзэмпляраў перавышае 45 мільёнаў. Будучы прададзеным у Вялікабрытаніі ў колькасці 4 114 000 копій, уваходзіць у брытанскую дзясятку самых прадаваных альбомаў у краіне, займаючы восьмае месца. Заставаўся ў «Top 200» ЗША 742 тыдні, у тым ліку 591 тыдзень запар з 1973 па 1988 год, некалькі разоў трапляючы на першае месца. З’яўляецца адным з найболей вядомых канцэптуальных альбомаў прагрэсіўнага року.
«The Dark Side of the Moon» быў запісаны ў перыяд з чэрвеня 1972 па студзень 1973 у Лондане ў студыі кампаніі EMI «Abbey Road». У складанні музычнага матэрыялу і прадзюсіраванні прымалі ўдзел усе музыкі гурта, тэксты да песень напісаў Роджэр Уотэрс . Усе песні аб’яднаны тэмай уплыву на чалавека вар’яцтва, трывогі і адчужэння, якая сыходзіць каранямі ў гісторыю гурта і звязана найперш з трагічным лёсам былога лідэра гурта Сіда Барэта . Альбом ствараўся з выкарыстаннем апошніх дасягненняў гуказапісвальнай тэхнікі пачатку 1970-х гадоў, уключаючы мультытрэкінг , аналагавыя сінтэзатары , а таксама розныя эфекты з магнітнымі запісамі. Гукаінжынер Алан Парсанс , які працаваў над альбомам, быў намінаваны на прэмію «Грэмі» «За найлепшую тэхніку запісу альбома ».
Альбом займае 6 месца ў спісе «Топ-25 найлепшых альбомаў прагрэсіўнага року» па версіі Progarchives.com , 4 месца ў спісе «25 найлепшых класічных альбомаў прагрэсіўнага року» па версіі «PopMatters » і 2 месца ў рэйтынгу «100 найлепшых рок-альбомаў усіх часоў» па версіі часопіса «Classic Rock ». Па версіі часопіса «Rolling Stone», з’яўляецца лепшым прог-альбомам усіх часоў.